Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Кансультацыя «Фальклор і развіццё маўлення»

Дата: 7 апреля 2019 в 18:54, Обновлено 22 января 2020 в 11:06

             Маўленне - унікальны і ўніверсальны сродак многіх відаў дзейнасці. У дашкольніка гэта гульня, маляванне, лепка, канструяванне, вырашэнне практычных задач, успрыманне мастацкай літаратуры і інш. Немагчыма развіваць маўленне дзіцяці "ўвогуле", безадносна да той ролі, якую яно выконвае ў яго жыцці, не ўключаючы маўленне ў тую ці іншую дзейнасць. Развіццё розных формаў дзейнасці вядзе да развіцця іх галоўнага сродку - маўлення.

             У дзяцей мы выхоўваем пачуццё беларускай мовы, ствараючы дзеля гэтага адпаведныя маўленчыя ўмовы, у якіх дзіця пад кіраўніцтвам выхавальніка далучаецца да паэзіі і адначасова вучыцца вырашаць пры дапамозе роднай мовы розныя маўленчыя задачы: камунікатыўныя, пазнавальныя і інш.

             Галоўным пабуджальным матывам праяўлення маўленчай актыўнасці з'яўляецца сумесная дзейнасць з дарослым. Важнае значэнне мае актыўна-дзейснае ўспрыманне дзецьмі нагляднасці (цацак, малюнкаў). Наглядныя дзеянні выклікаюць у дзяцей жаданне абазначыць іх словамі і гаварыць пра іх. Вялікая ўвага надаецца зместу беларускага маўлення, у выхаваўчых і дыдактычных мэтах выкарыстоўваем паэтычныя словы.

             Калыханкі, забаўлянкі, прымаўкі, песні, казкі - вось тыя дасканалыя мастацкія формы фальклору, з дапамогай якіх мы знаёмім дзяцей з багаццем і разнастайнасцю навакольнага свету.

             Перш за ўсё, мы праслухоўваем і абыгрываем з дзецьмі беларускія народныя калыханкі, песенькі, забаўлянкі, кароткія вершыкі, да якіх далучаюцца адпаведныя зместу дзеянні і рухі, паўтарэнні гукаперайманняў, асноўных слоў, выразаў. Вялікае значэнне пры гэтым маюць тыя забаўлянкі, якія суправаджаюцца разнастайнымі рухамі пальчыкаў рук, напрыклад "Сарока-варона кашу варыла". Важнасць іх палягае ў амаль паралельным развіцці дыферанцаваных рухаў пальцаў рук і маўлення, што стымулюе і актывізуе маўленне маленькага дзіцяці. Вабяць малых такія дзеянні як закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытупванне, падскокі і т. п. Расказванне невялікіх па аб'ёму казак суправаджаем інсцэніроўкамі, што робіць больш лёгкім для дзяцей іх успрыманне і разуменне, заахвочвае да паўтарэння слоў, выразаў, песенек.

             Напрыклад, у час разыгрывання народнай забаўлянкі "Кую, кую ножку" з дзецьмі двух-трох год малыя імітуюць падбіванне лялечнага чаравічка малаточкам. Маўленчая сітуацыя дазваляе дзіцяці зразумець зварот выхавальніка.

             Дзецям вельмі падабаецца, калі ў вершыку называецца канкрэтнае імя. Напрыклад, калі мы прыносім цацачнага коціка, паказваем яго дзецям, дапамагаем ім успомніць, як коцік вуркоча "мур-мур", а затым чытае калыханку:

Ой на коціка вуркота,

 А на дзіцятка дрымота,

 Будзе коцік вуркатаць,

 А дзіцятка будзе спаць.

             Потым гаворым, што раскажа пра коціка і Аленка. Чытаем калыханку, замяняючы слова "дзіцятка" на імя выхаванца. Аленка паказвае, як яна будзе спаць. Так мы прыцягваем дзяцей да прагаворвання асобных слоў і радкоў верша. Такія заняткі, а значыць і калыханка, пакідаюць след у душы і памяці дзіцяці.

             Маленькія дзеці ўдзельнічаюць у простых карагодных гульнях   (напрыклад, "Адгадай, чый галасок?", "Хто схаваўся?" і інш.) гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін, выклікаюць у дзяцей жаданне ўступіць у зносіны, значыць і размаўляць адно з адным. Дзецям падабаюцца такія гульні, а гэта добрая падстава для выхавання цікавасці да беларускай мовы, першапачатковага развіцця беларускага маўлення. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды заўважаюць, што яна вядзецца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі.

             Выкарыстоўваюцца малыя формы фальклору і ў сумеснай дзейнасці. Напрыклад, сумеснае маляванне па пацешцы "Сонейка-сонца": дзецям прапаноўваецца аркуш паперы з намаляваным сонцам, і ім трэба дамаляваць гарошкі. Маляванне суправаджаецца прыгаворваннем радкоў пацешкі, і ў дзяцей праяўляецца цікавасць да самога працэсу малявання, да тых выразаў, якія апісваюцца ў забаўлянцы, і яны адлюстроўваюць іх у малюнку.

             Для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дашкалят мы выкарыстоўваем лялек-беларусаў: дзяўчынку Паўлінку і хлопчыка Янку. Яны паасобку альбо разам прыходзяць да дзяцей, цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове.

             Такім чынам, у першыя тры гады жыцця дзяцей трэба выкарыстоўваць тыя формы работы, якія спрыяюць развіццю пачуцця беларускага маўлення шляхам азнаямлення іх з лепшымі ўзорамі жывога беларускага слова, а таксама фарміраванню першапачатковых навыкаў маўлення на роднай мове.

Крыніца: сайт: sad26rechitsa.shools.by



 



 



 



 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.